maggalia (maggalia) wrote,
maggalia
maggalia

Пошук кампліт )

Сябры, я вяртаюся і адразу з вялікім тэкстам, даруйце.
Спяшаюся падзяліцца ўражаннямі ад Паэзіі (уражанні ад прозы Картасара, што былі тут, і побач не стаялі).
"Пошук кампліт", але гэта не азначае, што я больш не буду чытаць паэзію, адкрываць новыя імёны. Але каб так "усё сышлося", доўга цяпер не будзе.

«Разве можно видеть дерево и не быть счастливым?»
Князь Мышкин («Идиот» Ф. М. Достоевского)
Голас, зачышчаны ад пустазельля сну


23 лістапада (5 снежня) 1803 года нарадзіўся паэт Фёдар Цютчаў, з верша якога, прачытанага ў ліцэйскія гады, пачаліся мае пошукі Паэзіі і сур’ёзныя (як мне тады здавалася) сумневы і разважанні. У 16 год я пачала задумвацца, ці да канца я з і за Хрыстом, мне вельмі хацелася быць “чыстай і светлай” (як пеў яшчэ адзін кумір, “супер-зорка” Вольскі), і тут чытаю я гэты вядомы верш:

От жизни той, что бушевала здесь,
От крови той, что здесь рекой лилась,
Что уцелело, что дошло до нас?
Два-три кургана, видимых поднесь...
Да два-три дуба выросли на них,
Раскинувшись и широко и смело.
Красуются, шумят, – и нет им дела,
Чей прах, чью память роют корни их.
Природа знать не знает о былом,
Ей чужды наши призрачные годы,
И перед ней мы смутно сознаем
Себя самих – лишь грезою природы.
Поочередно всех своих детей,
Свершающих свой подвиг бесполезный,
Она равно приветствует своей
Всепоглощающей и миротворной бездной.
17 августа 1871


Сказаць, што мяне тады ахапіў адчай, - не сказаць нічога. Хіба што “страх” правільней. На старонцы кнігі, а ад таго моманту і ў памяці гарэлі “ключавыя” словы ды фразы нет им дела, знать не знает, чужды, бесполезный, бездной. Які бог, якая бясконцасць, якое зліццё падчас і пасля, калі тут Прырода без памяці і любові? Пазней я прачытала “Братоў Карамазавых” Дастаеўскага, і мяне панесла ў царкву, і, як мне здавалася, прынесла да важных высноў. Пачаўся пошук сябе ва ўпэўненасці, што бог знойдзены. Але прайшло зусім мала часу, і вось гэтыя радкі Бродскага з “Пілігрымаў” 1958 года вярнулі мяне да страху цютчаўскай “всепоглощающей бездны”, якая была і ў моры, якое я пабачыла спачатку ў Піцеры (Фінскі заліў), пасля ў Еўпаторыі (18 год), і ў зорным небе, і ў “самастойнасці і абсалютнай і непаўторнай боскай прыгажосці дрэва, спляценне геаметрый якога немагчыма алічбаваць” (так казаў нам на лекцыі па інфармацыйных тэхналогіях на першым курсе выкладчык Міхаіл Канцавы):

И, значит, не будет толка
от веры в себя да в Бога.
И, значит, остались только
иллюзия и дорога.
И быть над землей закатам,
и быть над землей рассветам.
Удобрить ее солдатам.
Одобрить ее поэтам.


Я не чытала крытыкі, літаратуразнаўчых прац, у паэзіі шукала найперш Новае, новую для сябе Эмоцыю (а праз Эмоцыю – Веды і Веру, пасля пошук чыстых эмоцый я пакінула выключна прозе, дзе атрымліваю па жаданні цэлы іх спектр). І вось гэтыя новыя веды (што паэты будуць “одобрять Землю” як ідэальнае месца, дзе можна гульнёй у пошукі сябе ды бога дурыць людзям галаву, бо дарога застаецца дарогай, сцэнай для спектакля пошуку, у якім “толка не будет”, бо ўсё – ілюзія) я ніяк не хацела прымаць. І пачала пошук паэзіі, мужчынскай, у якой новай і апошняй Эмоцыяй, якая ператворыцца ў Веды і Веру, стане пазбаўленне страху перад “всепоглощающей бездной”.
Пошукі, трэба сказаць, прасоўваліся марудна. Я займалася не паэзіяй, не літаратурай увогуле, а мовамі. Пайшоў мне 19-ты год, хацелася закахацца, што я не вельмі паспяхова зрабіла ў свае 20. Я палюбіла жаночую паэзію, з парачкі АА – МЦ выбрала адназначна МЦ, да таго ж упэўнілася, што пазбавіцца таго страху праз жаночую паэзію не атрымаецца – якая б ні была яна “ад бога”, яна зямная. І ў жаночай паэзіі на першы план выйшаў пошук сябе, а не бога (я тады яшчэ, у студэнцкія гады, не бачыла, што бог нават не схаваны ў тым вершы Цютчава, а проста глядзіць на мяне з кожнага слова). Але мала было ўласнага жыццёвага досьведу, каб знайсці сябе.
Наступны ўдар адбыўся ў 2008, калі я прачытала артыкул Рыгора Памеранца акурат пра мае пошукі, слова ў слова. Артыкул “Сквозь звёздный ужас” адкрыў мне Гумілёва, які да таго быў для мяне паэтам “изысканного жирафа», неімаверна крута прачытанага на маім 15-годдзі Наталкай Харытанюк, і рэзкім і гучным "Я і Вы", якое амаль выпадкова данеслася ў мае 17-летнія вушы падчас студэнцтва. Прачытала я і Рыльке, якога цытуе Памеранц, але страху не пазбавілася, і далейшыя пошукі распачала з “агнём Паскаля”, пра які таксама пісаў Памеранц (па спасылцы ёсць усё падрабязна і проста, я толькі тут вось што працытую – раскрутку метафары Паскаля: “Поняв, что в «числителе» человеческой жизни должен быть вечный огонь, вечный свет, человек не может успокоиться, пока не почувствует во вспышке внутреннего огня опыт, перекликающийся со вспышками внутреннего огня у древних отцов”).
Вось такую мужчынскую паэзію я стала шукаць і не знаходзіла. А з 2013 года, калі я знайшла “сваю” паэзію Вольгі Гронскай, дзе мне (не настойваю, што ўсё гэта ёсць там, але пасля прачытання вершы пачынаюць жыць асобна ад аўтара і яго/яе задумы, гэта факт) чытаўся мой досьвед, мае памылкі, мае пачуцці (перад усім пачуццё віны і, немагчыма паверыць!, інструкцыі да дзеяння, як захавацца жывой, як руйнаваць не сябе, не іншых, а тое злое і цёмнае, што ўплывае на цябе звонкі і ламае, і робіць не табой, і – галоўнае – як перастаць баяцца жыць!), я чамусьці вельмі захацела пазбавіцца страху перад “всепоглощающей бездной”, перад смерцю таксама па-беларуску (пра маю гісторыю з беларускай не тут). Забыла сказаць, што ў тым жа 2008 Смірнова і Талстая, дзякуй ім вялікі, запрасілі Памеранца ў “Школу злословия», дзе ён працытаваў Цютчава, той самы верш, і для мяне тады бог праступіў там на першы план, хаця б у словах равно, детей, миротворной! Засталося толькі ўпэўніцца (а як жа, мы ж нашчадкі і Тамаша таксама) і пазбавіцца страху. І, мне было вельмі важна, па-беларуску.
5 снежня 2015 года зламалася ўсё канчаткова. Пачалося жудаснае, цяжкае паўгоддзе, спектр эмоцый (ды й дзеянняў таксама) дагэтуль нязнаны. Страх перад “всепоглощающей бездной” вярнуўся праз чорна-чалавечыя думкі пра канец праз невыносную віну. А пасля прыйшло лета, і ўсё ўстала на свае месцы.
Па-першае, я адштурхнулася і паляцела.
Я жыла некалькі год і баялася, што гэтага не зраблю ніколі. І свайго страху баялася. І жыць баялася. А калі пазбавілася страху, паступова, шмат у чым дзякуючы прачытаным і перажытым яе, Вольчыным, радкам, стала шчаслівай.
Па-другое, я прачытала вершы Ігара Кулікова. Пакуль я кажу толькі пра кнігі  “Свамова” і “Сівер-гара” і вершы, якія паэт перыядычна посціць у фэйсбуку. Так завяршыўся мой пошук Эмоцыі, якая дазволіла пазбавіцца страху “всепоглощающей бездны” і ператварылася ў Веды таго і ў Веру ў тое, што яна насамрэч “миротворная”. Так цікава, што б пра гэтую паэзію, пра таяву, сказаў Памеранц, ці разумеў бы па-беларуску. Я пасля абавязкова глыбей падумаю пра ідэі свамовы і свадзеі (і Баярына паслухаць хочацца, усё час, час, якога няма), але новая эмоцыя, якая цяпер са мной – неімаверная смеласць і жаданне “всматриваться в бездну”, і каб яна пачала “смотреть на тебя” тваімі ж вачыма, мець твой адбітак. Не ведаю, якія алюзіі меў на ўвазе Ігар Бабкоў (“Паэзія Ігара Кулікова – дасканалы, насычаны сэнсамі і алюзіямі лябірынт”, а Ігар Кулікоў увогуле кажа пра адсутнасць алюзій (і я схільная верыць, бо алюзія – перш за ўсё, “намёк на…”, то бок, штука свядомая, і калі аўтар свядома не намякае, то і алюзій няма), але, на маю радасць, ягоныя вершы абсалютна кладуцца на ўсе тыя метафары, на тыя важныя думкі, якія Памеранц прыводзіць у артыкуле “Сквозь звёздный ужас”, ад якога распачынаўся мой пошук такога паэта, які “зробіць усё за цябе”, пакажа, што “ларчик-то миротворной бездны просто открывался” (проста для чытача, безумоўна, для паэта/лірычнага героя – неімавернымі намаганнямі, пакутамі, спустошанасцю). Хоць бы як у вершы “Рубеж” :

стальлю мышцаў ізмрок напалам расьсячэш
стомай цела насыціць тваё далягляд
закляне цябе зной намаганьня ў рубеж
хлыне сонца і ўжо не вярнуцца назад


Тут (і не толькі тут, зараз скажу, дзе яшчэ) мне (думаю, не толькі мне) каштоўны і агонь Паскаля (сонца, што хлыне), і “ты”, якога ў Ігара не шмат, больш “я”, што абсалютна правільна. Але гэтым “ты” у “Рубяжы” страх і зносіцца, “я магу, і ты можаш”.
У Эндэ я не паглыблялася (як казаў мне мой пэн-фрэнд Франц-Ёзаф (ох, трэба, трэба яму напісаць!), дарма! – і падараваў мне Эндэ па-нямецку), але вось гэтае “учись падать! Учись падать и держаться ни на чем, как звезды!” (М.Эндэ) прачытала я тады ў Памеранца і амаль 8 год думала, хто ж навучыць? Дачакалася ) Чую Эндэ і веру Паэту тут:


я выйду колісь з дому каб вынайсьці бяздом’е (“Дарога мовы”)
мой дом нідзе яго апоры дым (“Мост”)


Пачатак “Духу”, здаецца, спрэс пра гэта  - сіла і род быццам бы трымаюцца ні на чым, бы зоры.


Цяпер пра агонь Паскаля, якога мне таксама не ставала па-беларуску.
Правільна, можна толькі “гарэць у спакоі” перад той самай “всепоглощающей и миротворной бездной”, “незагасная паходня самоты” мне дык пра тое ж, і “боль пуцяводны гарыць да канца”, і асабліва тут:


"абярнуся ў дым і знайду агонь
прагару ў нівеч і пасею жар "


(дзякуй, што так смела і ўпэўнена, па-беларуску, здаецца, так ніхто – гэта я зноў жа пра тое, як складваецца ў мяне пасля Памеранца Эмоцыя страху ў Эмоцыю радасці ад пазбаўлення яго),і


“вугаль неба ў жароўні грудзей”.


Калі пра самастойнасць дрэва прачытала, ужо не здзівілася, толькі веры больш стала.
Калі вам таксама быў і застаецца пасля сыходу блізкі Памеранц, паслухайце ў ШЗ ягоны аповед пра ўласнае сутыкненне (першае і, здаецца, такое наглае – раптоўнае ў 16 год) з бясконцасцю, са страхам яе – пра тангенсоіду. У 2008 я таксама думала, што гэта “жах без рук, ног і вачэй”, а тут чытаю


сальлюцца ў моры сьмерці рэкі-рубяжы
мяне ня стане ў ім ды зь семені карэньне
распусьціцца ў пустэчу й паплавец душы
зноў вынырне к табе ад болю прыцяжэньня

Вось калі б я ў 2008 прачытала радок “як і ўсякі двуногі я хворы на памяць канца”, падумала б, што паэзія гэтага аўтара – чарговы “Звёздный ужас”. А вось і не, наадварот.

Даруйце, мае рускамоўныя сябры, я проста так рада за сябе і за беларускую літаратуру і мову, што ў нас/іх ёсць такая Эмоцыя, што на рускі пераклад сіл няма ) Здаецца, так усё проста – вершы Волі навучылі не баяцца жыць, а вершы Ігара – не баяцца паміраць, бо пошукі бога ў “миротворной бездне», магчымасць убачыць яго ці хаця б ягоны знак ва ўласным адбітку ў зрэнках той самай “миротворной бездны», куточак якой можна асвяціць уласным агнём, здымаюць гэты страх назаўжды (раней мне здавалася, што я не баюся смерці пасля таго, як маму пахавала, але ў зорнае неба глядзець было страшна). І яшчэ шмат дзе ў кнігах – простая і гаючая думка пра тое, што тая бездань – у нашым канечным. Пра гэта самае любімае – “Без канца канец”


у сьлязы падзеньні велямора ўзнор
ў валуне на полі прадчуваньне гор
у трымценьні лёгкіх сьвету цішыня
нараджэньне ветру ў грыве скакуна
ў адзіноце воя яднара прачын
у вугольлі мысьлі іскры успамін
у зярняці слова стоць-дарогі жнец
у вачох нашчадка без канца канец


Год у мяне такі. Завяршыўся пошук сябе, шмат у чым дзякуючы Вользе. Адбітак сябе ў зямным жыцці, сярод горада, людзей, жарсцяў, розных спраў – гэта завершаны пошук у жаночай паэзіі. Адбітак сябе ў “миротворной бездне“, да якога Паэт (Ігар Кулікоў, ён самы) перакідвае мост-мову і кажа “ідзі і глядзі”, (мовы дастаткова, каб сударожыць уласнаму адбітку ў той, “миротворной “) і ты адчуваеш, і адразу – сінкрэтычна – ведаеш і верыш, што ніякага страху няма – гэта завершаны пошук у паэзіі мужчынскай. Вельмі паэтычны і свабодны год.
Tags: беларуская мова, маг Галя, мысли, новое, память, прошлое, стихи, хорошее
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 8 comments